Зусім хутка, 22 лютага, у прасторы «ОК16» адбудзецца маштабнае свята «Мова Фэст», прымеркаванае да Дня роднай мовы. Кампанія "Будзьма беларусамі!" і крама беларускіх адметнасцяў Budzma-krama.by возьмуць ў ім актыўны ўдзел! Распавядаем, якія цікавосткі вас чакаюць у суботу.
Цягам усяго свята будзе працаваць
крама беларускіх адметнасцяў. На нашым стэндзе вы знойдзеце найбольш папулярную прадукцыю:
цішоткі,
торбы,
посуд,
аксесуары – і ўсё з нацыянальным каларытам ды па прыемных цэнах!
Для маленькіх наведнікаў свята мы падрыхтавалі адмысловую забаўляльную праграму! Дзеткі ад 6 да 13 гадоў не толькі ўбачаць, але і змогуць узяць чынны ўдзел у гістарычнай гульні-спектаклі «Па слядах аднаго падання». Падчас паказу адбудзецца сапраўднае падарожжа ў часе ў «горад, які захоўвае сэрца вялікага гетмана» – Бераставіцу. Паводле аднаго са шматлікіх паданняў менавіта тут сустрэў сваё каханне гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч (1560 – 1621).

Мы паглядзелі на гэтую рамантычную гісторыю з нечаканага ракурсу – як бы ўсё магло атрымацца, калі б на мяжы XVI – XVII стагоддзяў… Але таямніца будзе раскрытая толькі падчас нашай гульні-спектакля! Разам са славутымі гістарычнымі героямі дзеці змогуць вырашыць розныя складаныя і часам вельмі сучасныя праблемы. А самыя актыўныя атрымаюць у падарунак нашыя размалёўкі!
Паказы спектакля будуць адбывацца на прома-пляцоўцы «Мова, грамадства, бізнес» у малой зале ў
13.20-13.55, 14.20-14.55, 15.20-15.55.
А яшчэ ўвага! Пасля кожнага паказу вас чакаюць конкурсы ды розыгрышы цудоўных прызоў ад нашай крамы! А самы каштоўны прыз для самых смелых мы разыграем перад канцэртам (17.00) !
Чакаем вас і вашых дзетак!
Будзьма разам!
Падрабязная праграма на сайце movafest.by